СПЕЦЫЯЛІЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

адна з форм грамадскага падзелу працы і яе рацыянальнай арганізацыі, пры якой вытв-сць прадукцыі, асобных яе частак, выкананне асобных аперацый ажыццяўляецца ў самаст. галінах, асобных аб’яднаннях, прадпрыемствах, цэхах, брыгадах, участках; важная ўмова павышэння эканамічнай эфектыўнасці вытв-сці. Выяўляецца ў выпуску абмежаванай наменклатуры аднароднай прадукцыі, падобнай канструктыўна, тэхналагічна, а таксама прафес. складам працаўнікоў, выкарыстанай сыравінай. Найб. развіта ў прамысловасці, дзе адрозніваюць тры асн. віды С.в.: прадметную, падэталёвую і тэхналагічную. Прадметная характарызуецца выпускам канструкцыйна і тэхналагічна аднароднай гатовай прадукцыі (аўтамабільны, трактарны, гадзіннікавы з-ды, абутковыя ф-кі). Пры падэталёвай С.в. прадпрыемствы спецыялізуюцца на вытв-сці асобных частак, вузлоў, дэталей гатовай прадукцыі (з-ды маторны, рысорны, шасцерняў, пускавых рухавікоў). Пры тэхналагічнай С.в. асобныя стадыі або аперацыі тэхнал. працэсу вылучаны ў самаст. вытв-сці (ліцейныя, кавальскія цэхі ці з-ды ў машынабудаванні, прадзільныя, ткацкія ф-кі ў тэкст. прам-сці і інш.). У сельскай гаспадарцы С.в. ажыццяўляецца з улікам эканам., сац., ці дэмаграфічных фактараў, спецыфікі с.-г. вытв-сці (прыродных умоў, біял. уласцівасцей раслін і жывёл, асаблівасцей выкарыстання зямлі, прац. і матэрыяльных рэсурсаў, транспартных сродкаў і г.д.). Сельская гаспадарка Беларусі, напр., спецыялізуецца пераважна на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні лёну і бульбы. У гаспадарках, у якіх для эфектыўнага выкарыстання зямлі. асн. вытв. фондаў, прац. рэсурсаў узнікае неабходнасць спалучэння гал. галіны ці асн. культуры з дапаможнымі галінамі і культурамі, ажыццяўляецца ўнутрыгасп. спецыялізацыя (механізаваныя звенні па вырошчванні асобных культур, агародныя брыгады, фермы па гадоўлі маладняку, па адкорме жывёлы, малочнатаварныя фермы і інш.). Спецыялізацыя ў будаўніцтве выяўляецца ў стварэнні самаст. буд.-мантажных арг-цый па буд-ве аб’ектаў асобных галін ці выкананні асобных відаў буд.-мантажных работ. Выраб буд. дэталей і канструкцый вылучаецца ў асобныя галіны вытв-сці буд. матэрыялаў. Спецыялізуюцца перавозкі і на транспарце. Напр., танкеры на марскім і рачным, цыстэрны на чыгуначным, рэфрыжэратары на аўтамабільным транспарце; выкарыстоўваюцца кантэйнерныя перавозкі. Гл. таксама Міжнародны падзел працы.

т. 15, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)